ПРА ЛЯМАНТ -уючых I «ЛЕМАНТУЮЧЫХ»…
ЗДАЕЦЦА, зноў пра дзеепрыметнік… Так, пра той самы дзеепрыметнік, які ўсё ніяк не можа атайбавацца ў беларускай мове, хоць дзе-хто сёння спрабуе нават выдаць яго за тубыльца…
Памятаецца, неяк год восем назад у рэдакцыі адной з рэспубліканскіх газет зайшла аб гэтым размова. Малодшы навуковец, які быў тут, заўзята пачаў даводзіць, што калі б Кузьма Чорны жыў цяпер, ён у дзве рукі галасаваў бы за дзеепрыметнік, бо сёння, у наш век навукі і тэхнікі, без гэтай формы ніяк не абыдзешся. I ён красамоўна, на прыкладах даказваў гэта сваім няўменнем перакладаць. I можа якраз у гэты час, калі малодшы навуковец намагаўся падвесці навуковы грунт пад дзеепрыметнік, вось што адзначаў адзін з заснавальнікаў новай літаратурнай беларускай мовы, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР, народны паэт Беларусі Якуб Колас: «Без усякай патрэбы і радыё, і беларускія газеты засмечваюць мову не ўласцівымі ёй формамі, як “выдаткаваемыя”, “засылаемыя”, “брыгада, узначальваемая”, “навучаючыяся”, якія не бытуюць у беларускай мове».
Вядома, людзям, якія, не ведаючы беларускай мовы, хочуць перакладаць, куды зручней было б, каб перакладаць зусім не трэба было — а толькі пісаць беларускімі літарамі. Але ж кожная мова па-свойму рупіцца, каб быць дакладнай у перадачы думкі, у кожнае мовы свае сродкі. Што ў адной гаворыць кантэкст, у другой — добра выказвае слова, у трэцяй — гэту работу бярэ на сябе граматычная катэгорыя. Як старанна, хораша і непадобна працуюць людскія мовы! I ніводнаму рускаму перакладчыку не прыходзіць у галаву, каб які дзесятак часоў, скажам, французскага дзеяслова перадаваць і на рускай мове роўна такой жа колькасцю часоў або перакладаць з нямецкай мовы на рускую артыклі. Каму патрэбны былі б такія пераклады, якія зноў трэба перакладаць! А між тым, у нас падчас знаходзяцца такія перакладчыкі. 3амест таго каб глыбей вывучаць беларускую мову, яны, здаецца, гараць адзіным жаданнем — як бы яе «ўдасканаліць». Я нават думаю, што такія людзі, чаго добрага, даведаўшыся, што ў абазінскай мове дзеепрыметнік мае аж восем форм часу або што ў ёй, як і ў яе сваякоў — у абхазска-адыгейскіх мовах, гэтая катэгорыя не толькі змяняецца на ўзор дзеяслова па ліках, але і асобах, усур’ёз уздумаюць і рускую мову ўзбагачаць адпаведнымі формамі, ды яшчэ пачнуць спрагаць рускі дзеепрыметнік!.. Што ўжо казаць пра пачуццё гэтых людзей да тых нямногіх форм дзеепрыметніка, якія бытуюць у рускай мове! Самому Максіму Горкаму было б ніякавата перад імі за тое, што ён у лісце да аднаго аўтара пісаў: «…язык наш… достаточно богат. Но у него есть свои недостатки, и один из них — шипящие звукосочетания: вши, вша, вшу, ща, щей. На первой странице рассказа вши ползают в большом количестве «прибывшую», «проработавший», «говоривших»… Вполне можно обойтись без насекомых».
А ў нас чытаеш якую газету ці кнігу — і бачыш, як прыгожы беларускі дзеяслоў раптам перад назоўнікам пачынае завываць — уючы, юючы ці лемантаваць — аючы, яючы. (Ці не пра глум над сабою, пра аўтарскую сваволю?) А мы спакойна глядзім на гэты гвалт. А дзе-хто і старанна падлічвае гэты енкат, каб пасля, спасылаючыся на працэнты, узаконьваць такія формы. Нібыта непісьменнасць, калі яна часта ўжываецца, можна выдаць за пісьменнасць. I хоць нашы вядомыя знаўцы мовы, такія, як Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Пятро Глебка, неаднойчы пісалі пра штучнасць і вычварнасць гэтых -уч-(-юч-), -ач-(-яч-), незалежныя дзеепрыметнікі цяперашняга часу ўсё ж сустракаюцца ў друку.
У акадэмічнай «Граматыцы беларускай мовы» (частка першая) хоць і гаворыцца, здавалася б, зусім пэўна, што «для беларускай літаратурнай мовы ўжыванне гэтых дзеепрыметнікаў (незалежнага стану цяперашняга часу. — Ан. К.) не характэрна», але ўсё ж агаворваецца, што «сустракаюцца яны часам у мове мастацкай літаратуры, у навуковых творах, у мове газет і часопісаў» (стар. 377). I міжволі задумваешся: калі сустракаюцца — то чаму? Няўжо без іх сучасная беларуская мова ўжо не можа абысціся і, значыцца, гэта сведчанне нейкіх новых працэсаў, якія адбываюцца цяпер у беларускай мове, ці гэта проста фіксацыя таго, што пытанне пра дзеепрыметнік недастаткова вывучана і ў граматыцы не ўсталявалася пакуль адзінай думкі. А покі пытанне абмяркоўваецца вучонымі, школьны падручнік для пятага і шостага класаў без усякіх агаворак ужо не аднаму пакаленню вучняў настойліва паўтарае, што ў беларускай мове, «як і дзеясловы, дзеепрыметнікі маюць наступныя ўласцівасці:
а) паказваюць час, цяперашні або прошлы, напрыклад: узыходзячая, дзеючая, будуемая, арашаемая, асушаемая…» (М. I. Жыркевіч. «Падручнік беларускай мовы для 5 і 6 класаў сярэдняй школы», Мінск, 1962, стар. 142).
I каб вучні засвоілі гэтыя не характэрныя нашай мове формы, у кнізе даюцца спецыяльныя практыкаванні на ўтварэнне гэтых дзеепрыметнікаў цяперашняга часу трох родаў, з заўвагай, што суфіксы трэба падкрэсліць. I ўсё ж, хоць у дзеепрыметнікаў на -уч-(-юч-), -ач-(-яч-) ёсць, як бачым, шмат добрых прапагандыстаў, сучасная беларуская літаратурная мова паранейшаму не вельмі прыслухоўваецца да гэткіх парад.
Якія ж навуковыя рэкамендацыі ў дзеепрыметнікаў? Г. Клюсаў у артыкуле «Да пытання аб ужыванні форм дзеепрыметнікаў у сучаснай беларускай літаратурнай мове» («Вучоныя запіскі Полацкага педагагічнага інстытута імя Скарыны», вып. II. Полацк, 1958) зрабіў своеасаблівы «летапісны звод» выказванняў, якія, праўда, не так разглядаюць, як абараняюць дзеепрыметнік. Тут жа прыводзіцца і шырокі ілюстрацыйны матэрыял. Аўтар артыкула, вядома, ведаў, адкуль браць: асноўная большасць прыкладаў на дзеепрыметнік — вытрымкі з перакладаў.
Але нас цікавяць у першую чаргу навуковыя разважанні аўтара. Г. Клюсаў правільна зазначае, што дзеепрыметнікі не ўласцівы народнагутарковай мове (аўтар піша «народна-разгаворнай», яшчэ раз засведчыўшы сваё захапленне перакладной мовай, якую ён не толькі багата цытуе, але якой падчас і піша). Сапраўды, яно так — жывая народная мова не любіць гэтай аддзеяслоўнай катэгорыі. Але аўтар тут жа агаворваецца: «Нельга атоесамліваць народна-бытавую і кніжналітаратурную мову», — і прыводзіць вядомае выказванне А. С. Пушкіна: «Может ли письменный язык быть совершенно подобным разговорному? Нет, так же, как разговорный язык никогда не может быть совершенно подобным письменному... И причастия вообще и множество слов необходимых обыкновенно избегаются в разговоре. Мы не говорим: карета скачущая по мосту, слуга метущий комнату; мы говорим: которая скачет, который метет, и пр., — заменяя выразительную краткость причастия вялым оборотом. Из того ещё не следует, что в русском языке причастие должно быть уничтожено. Чем богаче язык выражениями и оборотами, тем лучше для искусного писателя. Письменный язык оживляется поминутно выражениями, рождающимися в разговоре, но не должен отрекаться от приобретенного им в течение веков. Писать единственно языком разговорным — значит не знать языка».
3 гэтага, паводле Г. Клюсава, вынікае, што і беларуская літаратурная мова не павінна цурацца дзеепрыметніка. Але ці так? Калі А. С. Пушкін пісаў, што нельга атоесамліваць гутарковую і пісьмовую мову, то гэта яшчэ не значыць, што ён супрацьстаўляе іх. Вялікі паэт падкрэсліваў толькі, што пісьмовая мова «не павінна адракацца ад набытага ёю на працягу стагоддзяў».
Але ці было ад чаго адракацца новай беларускай пісьмовай мове? Агульнавядома, што яна складалася ў канцы XIX–пачатку XX стагоддзя па-за традыцыямі старой пісьмовай мовы. Калі і была сувязь са старою — то праз гутарковую: Дарэчы, старая беларуская мова нічым асабліва не магла памагчы сённяшняму дзеепрыметніку цяперашняга часу незалежнага стану (заўважым, што наш артыкул разглядае толькі адну гэту форму). Г. Клюсаў сам зазначае, што як у рускай, так і ў іншых славянскіх мовах, якім характэрны сёння дзеепрыметнік, «гэтая лексіка-граматычная катэгорыя з’яўляецца прыўнесенай са стараславянскай кніжнасці». 3даецца, вучонага і павінна было зацікавіць, як жа запазычаная катэгорыя ўвайшла ў рускую мову, якія ўмовы спрыялі яе засваенню (стараславянскасць -ущ-, -ащ- відавочная: гук щ узнік тут з tj). I ці адбывалася тое ж у беларускай мове? Бо аналогія не заўсёды доказ. Спасылаючыся на адну мову, можна хацець і ў беларускай мове бачыць гэтыя формы, а спасылаючыся на другую, скажам, на партугальскую, у якой няма дзеепрыметнікаў цяперашняга часу, можна адмаўляць іх. Хоць, вядома, аналогіі між мовамі-сёстрамі больш заканамерныя, чым між іншымі мовамі, але і гэта не вызваляе нас ад сур’ёзнай навукі.
Першымі прышэльцамі да таго, як поўныя дзеепрыметнікі з -ущ-, -ащ- (сучасная форма рускіх дзеепрыметнікаў) аселі ў рускай мове, былі кароткія стараславянскія формы. У XI–XII стагоддзях яны былі сінанімічнымі кароткім рускім дзеепрыметнікам, але абслугоўвалі «высокі» стыль. Менавіта засвойваючыся спачатку «цытатна» — як сінтаксічныя канструкцыі рэлігійных стараславянскіх тэкстаў, дзеепрыметнікі паступова абжываліся ў рускай кніжнай мове. Паколькі ў стараславянскай мове поўныя формы дзеепрыметнікаў утвараліся ад кароткіх, то з пашырэннем і замацаваннем кароткай стараславянскай формы былі падрыхтаваны асноўныя ўмовы для таго, каб ад іх утварыліся і поўныя стараславянскія формы. На гэта ўплывала і тое, што канкурэнтаў (поўных дзеепрыметнікаў на -уч-, -ач-) у рускай мове амаль не было. Даволі пашыраная думка, што і ў рускай мове поўныя рускія дзеепрыметнікі ўтвараліся ад кароткіх гэтак жа, як у стараславянскай, — беспадстаўная. А, між тым, Д. Лявончанка ў сваім даследаванні «З гісторыі форм дзеепрыметнікаў у беларускай мове» (Гомель, 1957) падае справу так, што нібыта поўныя айчынныя формы дзеепрыметнікаў на -уч-, -яч- былі пашыраны ў нашай старой мове. Такое вельмі выгоднае «тлумачэнне» гісторыі мовы, каб абгрунтаваць, што і сённяшняй беларускай мове ўласцівы дзеепрыметнікі, не ў згодзе з праўдаю.
Дакладна ж поўныя рускія дзеепрыметнікі з суфіксамі -уч-, -яч- утвараліся ад вельмі нямногіх асноў дзеяслова, былі няўстойлівыя, а таму пераходзілі амаль адразу ў прыметнікі (гл. пра гэта: Г. М. Милейковская, «К истории действительных причастий настоящего времени в русском языке». «Русский язык в школе». 1958, № 4). Адсюль у рускай мове сёння існуюць суадносныя пары прыметнікаў і дзеепрыметнікаў (колючий — колющий, ползучий — ползущий і г. д.).
Поўныя стараславянскія дзеепрыметнікі засвойваліся марудна. Вельмі доўга, нягледзячы на тое, што стараславянская мова адыгрывала пэўную ролю ў жыцці рускага грамадства, поўныя стараславянскія формы ў рускай мове адчувалі сябе як іншаземцы. Поўнае засваенне іх прыпадае толькі на пачатак XIX стагоддзя. Яшчэ М. В. Ламаносаў у «Российской грамматике» дапускаў гэтыя формы толькі ў высокі і часткова ў сярэдні стыль, прычым зазначаў, што ўтвараць дзеепрыметнікі на -ущ-, -ащ- можна толькі ад стараславянскіх асноў або ад рускіх, але тых, якія блізкія да іх па гучанні. Ад «чыста» рускіх дзеясловаў утвараць дзеепрыметнікі не дазвалялася. Калі трэба было ўтвараць, скажам, ад слова «колдовать», то браўся яго стараславянскі сінонім, і ад яго ўжо ўтвараўся дзеепрыметнік («волшебствующий»). I толькі пазней, калі адукацыя ў Расіі рабілася свецкая, калі ранейшае значэнне стыляў ужо траціла вагу, дзеепрыметнік, які замацаваўся да гэтага ўжо ў высокім стылі і сярэднім, канчаткова ўвайшоў у рускую мову, утварыўшы там новую марфалагічную катэгорыю. (Гісторыя кароткіх дзеепрыметных форм нас не цікавіць: яны — сённяшнія дзеепрыслоўі).
У беларускай мове стараславянская форма дзеепрыметнікаў не прыжылася, бо тут не было таго ўзаемадзеяння са стараславянскай, якое было ў рускай. У агульны ж усходнеславянскі перыяд, калі яшчэ беларуская, велікаруская і ўкраінская мовы не выдзеліліся як асобныя, — стараславянскія поўныя формы не былі пашыраны ў нашай агульнай мове. Як сведчаць рускія даследчыкі, яшчэ ў XIV стагоддзі поўныя стараславянскія дзеепрыметнікі не былі засвоены нават кніжнымі стылямі. З утварэннем Вялікага Княства Літоўскага беларуская мова зрабілася афіцыйнай і была ва ўжытку амаль ва ўсіх галінах жыцця. На яе перакладалася нават рэлігійная літаратура, якая ў Маскоўскай дзяржаве была на стараславянскай (царкоўнаславянскай) мове.
I калі яшчэ Ф. Скарына ў сваіх выданнях ужываў стараславянскія формы на -ущ-, -ящ-, то ўжо Васіль Цяпінскі пры перакладзе «Евангелля» карыстаўся толькі формамі на -уч-, -ач-. Аднак гэта не былі выразныя дзеепрыметнікі, чаго, на жаль, не заўважае Д. Лявончанка, хоць і прыводзіць вельмі цікавае назіранне. Д. Лявончанка піша: «Часта стараславянскія формы дзеепрыметнікаў залежнага стану мінулага часу В. Цяпінскі замяняе дзеепрыметнікамі незалежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -уч- (-юч-), -ач- (-яч-)» (стар. 38). Але ж ці трэба лепшага доказу, што гэтыя формы не вельмі ўспрымаліся як дзеепрыметнікі, бо хіба інакш такая «замена» залежных дзеепрыметнікаў мінулага часу незалежнымі цяперашняга часу была б мажлівая? Таму мы цалкам далучаемся да таго, што пісаў акадэмік Я. Ф. Карскі: «Будучы ў поўнай форме (на -чий), дзеепрыметнікі даўней, ды і цяпер, звычайна змяняюцца, як прыметнікі, але ў такім выпадку сувязь іх з дзеясловамі ўжо не адчуваецца» (Е. Ф. Карский. «Белорусы», т. 2, вып. 2, изд. АН СССР, Москва, 1956, стар. 273). I адзначаў далей: «Формы прыметнікаў на -щий, якія напамінаюць царкоўнаславянскія дзеепрыметнікі, у жывой мове сустракаюцца толькі ў некалькіх выразах: вочы завідушчыя, рукі заграбушчыя» (там жа, стар. 276). Менавіта такія аддзеяслоўныя прыметнікі (а не дзеепрыметнікі!) і ўвайшлі ў беларускую мову і сустракаюцца цяпер пераважна ва ўстойлівых выразах: прапашчы чалавек, валачашчы сабака, калючы дрот, стаячая вада, ляжачы камень і інш. Магчыма, ужыванню некаторых з гэтых форм, такіх, як стаячы, ляжачы, спрыяе тое, што ў сучаснай мове іх як бы падмацоўваюць назоўнікі стаяк, ляжак, ствараецца падабенства з адназоўнікавымі прыметнікамі (рыбак — рыбачы, прымак — прымачы, парсюк — парсючы, япрук — япручы). Дарэчы, суфікс -яч- мае пэўнае пашырэнне ў беларускай мове, з яго дапамогаю ўтвараецца асобная група прыметнікаў ад назоўнікаў (цялячы, ягнячы, кацячы). Таму ён не так «звязаны» з дзеясловам, як суфіксы -ущ-,-ащ- у рускай мове. I ўсякія намаганні зрабіць -уч-, -ач- дзеепрыметнымі суфіксамі ў беларускай мове марныя, бо беларускае «ляжачы» перадае рускае «лежачий», а не «лежащий». Трэба памятаць: беларускім прыметнікам на -уч- звычайна адпавядаюць назоўнікі (рашучы — рашучасць, скрыпучы — скрыпучасць, неўміручы — неўміручасць).
Такім чынам, не меўшы сваіх выразных дзеепрымстнікаў на -уч-, -ач- і не запазычыўшы стараславянскіх, беларуская мова так і не ўтварыла катэгорыі дзеепрыметнікаў цяперашняга часу. Ды і ў рускай мове запазычаныя формы дзеепрыметнікаў лічацца больш кніжнымі. «…Жывой рускай стыхіі і ў цяперашні час чужое карыстанне дзеепрыметнікам у простым значэнні гэтай дзеяслоўнай катэгорыі» (С. П. Обнорский. «Очерки по морфологии русского глагола». Москва, 1953, стар. 194).
Сёння рускі дзеепрыметнік таксама не той, які быў стагоддзе назад. Амаль усе вучоныя, разглядаючы гэту катэгорыю, адзначаюць яе выразную схільнасць да пераходу ў прыметнікі, прычым з дзеепрыметнікаў незалежнага стану. У большай ступені гэта ўласціва дзеепрыметнікам цяперашняга часу. На гэта ёсць свае прычыны. У XVIII стагоддзі дзеепрыметнікі цяперашняга часу звычайна ўжываліся пры выказніках-дзеясловах цяперашняга часу, і таму так выразна ў іх выступала значэнне адначасовасці з дзеяннем выказніка. А.М. Пяшкоўскі пісаў: «Дзеепрыметнікі адрозніваюцца ад іншых дзеяслоўных прыметнікаў паслядоўнай зменаю па трываннях, зменаю па часах і станах і, нарэшце, дзеяслоўным кіраваннем. Калі адно ці некалькі з гэтых адрозненняў па тых ці іншых прычынах атрафіруюцца, дзеепрыметнікі пачынаюць пераходзіць у дзеяслоўныя прыметнікі». У сучаснай рускай мове дзеепрыметнік цяперашняга часу добра адчувае сябе — у якім бы часе ні быў дзеяслоў-выказнік. А гэта значыць, што дзеепрыметнік усё менш здольны выказваць адценні часу, што ён усё болей паказвае сталую пазачасовую прымету і тым самым набліжаецца да прыметніка. Тым больш ён, як і прыметнік, змяняецца па родах, ліках, склонах, мае тыя ж канчаткі. Гэтыя прыметнікавыя граматычныя катэгорыі ёсць ва ўсіх дзеепрыметнікаў, у той час як дзеяслоўныя не заўсёды ў іх выразна выступаюць. У пэўных выпадках «дзеяслоўнасць» іх слабее. Напрыклад, дзеепрыметнікі ад дзеясловаў пераходных, ужытыя ў пераносным значэнні, не вымагаюць пытання каго? што? (прамога дапаўнення), трыванне іх страчваецца, і яны пераходзяць у прыметнікі.
Здольнасць рускага дзеепрыметніка паказваць пазачасовую прымету, і прымету менавіта паводле дзеяння, абумовіла пэўную прыдатнасць дзеепрыметнікаў, побач з прыметнікамі, для спраў тэрміналогіі. Сапраўды, у асобных галінах жыцця, сферах дзейнасці назвы асоб вельмі часта звязаны з характарам заняткаў гэтых людзей або, як у юрыспрудэнцыі, з дзеяннямі над імі. Між іншым, якраз гэтыя тэрміналагічныя «здольнасці» дзеепрыметнікаў некаторыя вучоныя і лічаць за аргумент, каб увесці гэту катэгорыю ў беларускую мову. Але ж у якасці тэрміну дзеепрыметнік менш за ўсё паказвае прымету ў станаўленні, а дае сталую прымету — інакш тэрмін не быў бы тэрмінам — і, значыцца, выступае не як дзеепрыметнік, а як прыметнік. Такім чынам, уводзіць дзеепрыметнік у беларускую мову спецыяльна для патрэб тэрміналогіі, як бачым, зусім не абавязкова. У нашай мове на гэтым месцы добра спраўляюцца іншыя часціны мовы – прыметнік, назоўнік. Вось: действующее лицо — дзейная асоба, переходящее знамя — пераходны сцяг, окружающая среда — навакольнае асяроддзе, заведующий — загадчык, самопишущая ручка — самапіска, пресмыкающиеся — паўзуны і г. д. Нават калі асобныя рускія дзеепрыметнікі ўвайшлі як тэрміны ў беларускую мову, то ці не рана гаварыць пра запазычанне пэўнай граматычнай катэгорыі, калі маем звычайнае запазычанне паасобных слоў.
Гэтая гаворка пра гісторыю і пра сучасны стан рускага дзеепрыметніка, думаецца, не ўбаку ад нашай праблемы перакладу, ад агульных праблем культуры мовы. Бо толькі разумеючы, што перакладаеш, можна адшукаць і як перакладаць. Не выпадкова так зацягнулася на цэлыя дзесяцігоддзі ў нас спрэчка пра дзеепрыметнік. Бо нават тыя, што гаварылі пра нехарактэрнасць яго для беларускай мовы, не паклапаціліся разгледзець, як жа наша мова абыходзіцца без яго, якімі формамі яна выказвае тое, што гавораць рускія дзеепрыметнікі. Тады б не здаралася так, што той, хто выступае супроць гэтых -уч- (-юч-), -ач- (-яч-), сам жа іх ужывае ў сваіх творах. I пра што яшчэ трэба клапаціцца — у нас амаль адзінай формай перакладу рускіх дзеепрыметнікаў зрабіўся даданы азначальны сказ. Доўгая шматкіламетровая гайданка такіх сказаў наганяе невыносную сумоту на чытача. I дзе?! Пры чытанні перакладаў выдатных кніг рускіх класікаў. Уявіце сабе: у творы М. Ю. Лермантава на беларускай мове лік азначальных сказаў павялічыўся на 40 працэнтаў! Хоць на хвіліну паспрабуйце адчуць тут стыль мастака, у якога заклікаў вучыцца пісьменнікаў Леў Талстой!
А наша перакладчыцкая «нясмеласць» перад навуковымі і публіцыстычнымі тэкстамі — хоць гэтыя матэрыялы, улічваючы іх вялікае грамадскае значэнне для народа, у першую чаргу павінны былі б перадавацца самымі лепшымі набыткамі, якія толькі назапашаны беларускаю моваю. Прыкра падчас, калі вялікія людзі чалавецтва, з ласкі такіх перакладчыкаў, гавораць з намі на бясколернай, як эсперанта, мове, у якой так мала сонца, чалавечага парывання.
Як памог бы нам тут вопыт Кандрата Крапівы, Максіма Лужаніна, Янкі Брыля, Язэпа Семяжона і многіх-многіх іншых лепшых перакладчыкаў, які мы так шчодра дазваляем сабе не вывучаць…
I няпраўда, што ў нашай мове няма адпаведнасці рускім дзеепрыметнікам. Яна ёсць, толькі трэба прыгледзецца больш уважліва. Тое, што для рускай граматыкі здаецца адной і той жа катэгорыяй, беларускаю моваю ўспрымаецца як вялікае непадабенства сэнсавых, граматычных і іншых адценняў. Рускія дзеепрыметнікі ў залежнасці ад сваіх форм, ад абставін і часу гавораць ёй кожны раз другое. I таму перакладаць адзін і той жа дзеепрыметнік беларуская мова будзе па-рознаму — у залежнасці ад сэнсу.
Тое, што пэўная частка дзеепрыметнікаў цяперашняга часу незалежнага стану мае схільнасць да пераходу ў прыметнікі, дазваляе перакладаць іх на беларускую мову адпаведнымі прыметнікамі:
«…Для такого великодушного акта, как уничтоженне себя ради ближнего, нужна возмущённая, сострадающая душа» (Чехов, «Палата № 6»).
«…Для такога велікадушнага акта, як знішчэнне сябе дзеля бліжняга, патрэбна абураная, спагадлівая душа» (пераклад К. Крапівы).
«— И все они такие, все! — закричал он плачущим голосом и с треском надел стекло на лампу» (Бунин, «Деревня»).
«— I ўсе яны такія, усе! — закрычаў ён плаксівым голасам і з трэскам надзеў шкло на лямпу» (пераклад Я. Скрыгана).
«…Издали уже веяло прохладою, которая казалась ощутительней после томительного, разрушающего жара» (Гоголь, «Вечера на хуторе близ Диканьки»).
«…Ужо здалёк павявала прахалодаю, якая здавалася адчувальней пасля зняможлівай, разбуральнай спёкі» (пераклад М. Лужаніна).
Як бачым, так перадаюцца найбольш дзеепрыметнікі, якія разам з прыметнікамі выступаюць у сказе як аднародныя члены — у такім становішчы асабліва выразна выяўляецца іх «прыметнікавасць».
Дарэчы, у беларускай мове ёсць цэлая група слоў, якім няма адпаведных рускіх прыметнікаў і якім адпавядаюць па форме дзеепрыметнікі: скажам, мігатлівы — мелькающий, заіклівы — заикающийся, наступны — следующий, прытульны (пінжак) — прилегающий і інш. Такім чынам, суадноснасць многіх дзеепрыметнікаў беларускім прыметнікам не выпадковая.
У тых жа выпадках, калі ў беларускай мове няма адпаведных прыметнікаў, выкарыстоўваюць сінонімы:
«Сначала он почувствовал потрясающий озноб и тошноту…» (Чехов, «Палата № 6»).
«Спачатку ён адчуў страшэнны азноб і моташнасць…» (пераклад К. Крапівы).
«Вдали глухо, точно из-под земли, слышался всё возрастающий грохот» (Бунин, «Деревня»).
«Удалечыні глуха, як з-пад зямлі, чуўся ўсё большы і большы грукат» (пераклад Я. Скрыгана).
Дзеепрыметнікі, у якіх «свеціцца» лексічнае значэнне дзеяння, могуць перадавацца адпаведнымі назоўнікамі, часцей за ўсё аддзеяслоўнымі.
«В её глазах было такое выраженне, будто она летела, должно быть, такое выражение бывает у летящей птицы (Фадеев, «Молодая гвардия»).
«У вачах яе быў такі выраз, быццам яна ляцела, — мусіць, такі выраз вачэй бывае ў птушкі ў час палёту» (пераклад М. Лужаніна).
« — Убирайтесь к черту! — крикнул он плачущим голосом, выбегая в сени» (Чехов, «Палата № 6»).
« — Выбірайцеся к чорту! — крыкнуў ён праз плач, выбягаючы ў сенцы» (пераклад К. Крапівы).
У пэўных выпадках, каб больш падкрэсліць ролю чынніка, дзеяча, дзеепрыметнік можа перадавацца прыдаткам:
«Руководящая и организующая сила Коммунистнческой партии видна во всем».
«Сіла Камуністычнай партыі як кіраўніка і арганізатара відаць ва ўсім».
Часам функцыю дзеепрыметніка-азначэння можа браць на сябе неазначальная форма дзеяслова:
«— Вы мыслящий и вдумчивый человек» (Чехов, «Палата № 6»).
«— Вы ўдумлівы і здольны мысліць чалавек» (пераклад К. Крапівы).
Калі ж рускі дзеепрыметнік дапасуецца да аддзеяслоўнага назоўніка, то магчыма перабудова сказа — замена назоўніка адпаведным дзеясловам, а дзеепрыметніка прыслоўем — у тых выпадках, калі ад дзеепрыметніка ўтвараецца прыслоўе:
«Я вижу, как Наденька выходит на крылечко и устремляет печальный, тоскующий взор на небо...» (Чехов, «Шуточки»).
«Я бачу, як Надзейка выходзіць на ганак і журботна, тужліва глядзіць на неба» (пераклад Ул. Шахаўца).
У выпадку, калі дзеепрыметнік, дапасуючыся да назоўніка, адначасова як бы ўдакладняе выказнік, ён можа перакладацца дзеепрыслоўем:
«Неисповедимы пути, по которым доходит до правды ревнующий человек» (Бунин, «Деревня»).
«Невядомы шляхі, па якіх даходзіць да праўды, раўнуючы, чалавек» (пераклад Я. Скрыгана).
Як бачым, паколькі дзеепрыметнік у сказе нясе «галоўную службу» азначэння, то і пры перакладзе могуць падменьваць яго тыя часціны мовы, якія бываюць азначэннем (або — што радзей — удакладненнем пры дзеяслове-выказніку). Параўнайце: говорить плачущим голосом — гаварыць плаксівым голасам, гаварыць праз плач (з плачам), гаварыць плачучы і г. д. Некаторыя з гэтых адпаведнасцей ёсць і ў рускай мове; другія формы (як, скажам, гаварыць плачучы) менш пашыраны ў рускай, чым у беларускай.
Вядома, гэта розныя і нераўназначныя формы, яны не замяняюць адна адну. У кожным канкрэтным выпадку выступае толькі тая адзіная, якая найбольш здольна данесці сэнс таго, што перакладаецца. Цяжка знайсці канчатковую, «бясспрэчную» форму перакладу, якая б задавальняла, падабалася выключна ўсім. Могуць быць і розныя «чытанні» тэксту. Мы б казалі банальнасць, напамінаючы пра пераклад як творчасць, як мастацтва «чуць» мовы...
Калі ж у перакладзе патрэбна выказаць актыўнасць дзеяння, то дзеепрыметнік можна перадаваць адпаведнай формай дзеяслова:
«Пелагея садится поодаль на припёке и, стыдясь своей радости, закрывает рукой улыбающийся рот» (Чехов, «Егерь»).
«Пелагея садзіцца воддаль на прыпёку і, саромеючыся сваёй радасці, усміхаецца, засланяючы рот рукою».
Наўрад ці трэба асобна спыняцца на дзеепрыметніках, якія перайшлі ў назоўнікі. Звычайна яны перакладаюцца тымі назоўнікамі, у значэнні якіх ужыты, або іх сінонімамі:
«Происходящее его волновало».
«Падзеі яго хвалявалі».
«Отдыхающие принимали целебные ванны».
«Курортнікі прымалі лячэбныя ванны».
«Отдыхающие сняли дом у реки».
«Дачнікі нанялі дом ля ракі».
Калі ж адпаведных назоўнікаў няма — пераклад робіцца апісальна:
«Для отдыхающих созданы все условия».
«Для тых, хто адпачывае, створаны ўсе ўмовы». Або: «Для адпачынку людзям створаны ўсе ўмовы».
Прыблізна гэтак жа, як асобныя дзеепрыметнікі, перакладаюцца дзеепрыметныя звароты. Мы казалі ўжо — найчасцей выступаюць як адпаведнікі даданыя азначальныя сказы. Сапраўды, у рускай мове дзеепрыметны зварот і даданы азначальны сказ граматычныя сінонімы. Трэба засцерагчы толькі, што замена не заўсёды мажлівая. Так, сказ «Приезжающий из города отец привозил сыну подарок» нельга перакласці: «Бацька, які прыязджаў з горада, прывозіў сыну гасцінец», — бо тады выходзіць недарэчнасць: нібы ў сына ёсць яшчэ і другі бацька, які жыве ў іншым месцы. Сказ гэты, дзе словазлучэнне мае пэўныя акалічнасныя адценні, лепш перадаць дзеепрыслоўным зваротам: «Бацька, прыязджаючы з горада, прывозіў сыну гасцінец».
У другіх выпадках мажлівы іншыя тыпы перакладу:
«Черевик заглянул в это время в дверь и, увидя дочь свою танцующею перед зеркалом, остановился» (Гоголь, «Вечера на хуторе близ Диканьки»).
«Чаравік зазірнуў у гэты час у дзверы і, убачыўшы, як дачка яго танцуе перад люстэркам, спыніўся» (пераклад М. Лужаніна).
Дзеепрыметныя звароты — думкі мімаходзь, думкі-ўдакладненні, якія непасрэдна не звязаны з думкаю сказа і як бы толькі ўскосна тлумачаць яе, — могуць пры перакладзе перадавацца пабочнымі сказамі:
«Дедушке, живущему почти безвыездно в деревне, не представлялась городская суета».
«Дзядулю (ён амаль не выязджаў з вёскі) не ўяўлялася гарадская мітусня».
У астатніх выпадках дзеепрыметныя звароты перадаюцца азначальнымі словазлучэннямі (разгорнутым прыдаткам і інш.).
«Учитель рассказывал на уроке о веществах, стимулирующих рост растений».
«Настаўнік расказваў на ўроку аб рэчывах — стымулятарах росту раслін».
Менавіта так перадаюцца дзеепрыметныя звароты, якія абазначаюць мэту, прызначэнне:
«Лот – прибор, измеряющий глубину моря».
«Лот – прыбор для вымярэння глыбіні мора».
Вядома, разгледзець усе выпадкі выкарыстання наўрад ці можна тут, у артыкуле. Спынімся на тых, калі дзеепрыметнік апускаецца.
Вельмі часта дзеепрыметнае словазлучэнне паказвае сталую прымету, а сам дзеепрыметнік не мае асаблівага сэнсавага і стылістычнага значэння:
«Стране, имеющей такие богатства, легко развивать тяжелую промышленность».
«Краіне з такімі багаццямі лёгка развіваць цяжкую прамысловасць».
Гэта бывае тады, калі сэнс дзеепрыметніка (нават апушчанага) добра відаць з кантэксту.
«Девочка, сидящая на диване, вышивала платок».
«Дзяўчынка на канапе вышывала хустачку».
«Поезд, прибывающий из Москвы, остановится на пятом пути».
«Цягнік з Масквы спыніцца на пятай каляі».
«Книга, принадлежащая брату, лежала на столе».
«Братава кніга ляжала на стале».
«Страны, входящие в Североатлантический союз, ведут агрессивную политику».
«Краіны Паўночнаатлантычнага саюза вядуць агрэсіўную палітыку».
Звычайна апускаюцца дзеепрыметнікі ў дзеепрыметных зваротах апісальнага характару, калі ў іх сустракаецца лічэбнік. У такіх выпадках лічэбнік далучаецца да азначальнага слова з дапамогаю прыназоўнікаў і адпаведных слоў:
«Он хорошо знал этот городок, насчитывающий 50 улиц».
«Ён добра ведаў гэты гарадок з яго 50 вуліцамі».
Апускаецца дзеепрыметнік у дзеепрыметных словазлучэннях, калі ў іх ёсць назоўнікі са значэннем спецыяльнасці, роду заняткаў, сацыяльнага, сямейнага становішча і інш.
«Секретарь райкома партии попросил товарищей, входящих в комитет, остаться».
«Сакратар райкома партыі папрасіў членаў камітэта астацца».
У такіх сказах назоўнікі робяцца прыдаткамі.
Могуць апускацца таксама дзеепрыметнікі цяперашняга часу, якія ўтвораны ад дзеясловаў быцця, існавання — сінонімаў да выступать как, входить как, калі ў дзеепрыметных зваротах ёсць назоўнік-прыдатак.
«Он, входящий как компаньон в это общество, получал 10 процентов дохода».
«Ён як кампаньён гэтага таварыства меў 10 працэнтаў прыбытку».
У гэтых выпадках дзеясловы пры злучніку как у лексічных адносінах вельмі блізкія да дзеясловаў-звязак, а таму і дзеепрыметнікі, што ўтвораны ад іх, могуць апускацца.
Як бачым, беларуская мова лёгка абыходзіцца без дзеепрыметніка. Не трэба толькі абкрадваць сябе, лічачы, што ўзбагачаешся. Будзем жа памятаць запавет Якуба Коласа «…Трэба смялей ствараць новыя словы і ў патрэбных выпадках звяртацца да запазычання. Але мы маем вялікі моўны запас, які незаслужана забыты намі літаратарамі, і з поспехам ужываецца ў народзе. Значыць, перад увядзеннем кожнага слова трэба добра абшарыць кішэні свае памяці, перагледзець слоўнікавыя і фальклорныя крыніцы, прыслухацца да жывой гаворкі — а можа і знойдзецца якраз тое, што неабходна, што ўжо ўжывалася і чамусьці забыта. Пісьменнік, які не працуе над мовай, не клапоціцца аб папаўненні сваіх моўных запасаў, можа стаць перад небяспекай апынуцца за дзвярыма літаратуры».
Больш павагі да слова, якое было на вуснах твайго далёкага прадзеда, і да слова, якое знайшлося ў тваёй мове для гэтай радасці веку — «спадарожнік»!
Анатоль Клышка
Полымя, 1964, №7. — С.162–170
Войдите или зарегистрируйтесь, чтобы оценить.


English
Русский
Каментароў няма.