Дадатак, прыкладанне ці праграма? Правільны пераклад слова application (приложение)
Шмат хто ў тэкстах на беларускай мове перакладае англійскае слова application (у значэнні праграма для тэлефона (приложение)) як дадатак або прыкладанне — бо такія варыянты прапануюць аўтаматычныя сродкі перакладу. Аднак гэтыя пераклады памылковыя.
Па-першае, application з’яўляецца скарачэннем ад application software, што перакладаецца як дастасоўнае (або прыкладное) праграмнае забеспячэнне. Тут няма ні «дадатку», ні «прыкладання». Правільны скарочаны варыянт — праграма. Гэта пацвярджае слоўнік Т. Сушы:
4. : a database application камп’ю́тарная прагра́ма
Аналагічна слоўнік «Skarnik» для рускага приложение ў значэнні камп’ютарнага тэрміна (што з’яўляецца перакладам слова application) прапануе менавіта пераклад праграма:
4) компьютерный термин праграма, -мы жаночы род
программное приложение — (камп'ютарная, карыстальніцкая) праграма
скачать приложение на компьютер — спампаваць праграму на камп'ютар
платёжное приложение для мобильного телефона — плацежная праграма для мабільнага тэлефона
мобильное приложение — мабільная (карыстальніцкая) праграма
в программе курса — изучение компьютерных приложений — у праграме курса — вывучэнне камп'ютарных праграм
ПО делится на системное ПО и пользовательские приложения — праграмнае забеспячэнне падзяляюць на сістэмныя і карыстальніцкія праграмы
программное приложение — это пользовательская компьютерная программа — карыстальніцкая праграма — гэта камп'ютарная праграма для ўзаемадзеяння з карыстальнікам
в приложении к диплому следует указать ссылку на исходные коды соответствующего мобильного приложения — у дадатку да дыплома трэба пазначыць спасылку на выточныя (зыходныя) коды адпаведнай мабільнай праграмы
Па-другое, паводле «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» слова дадатак азначае выключна «тое, што прыбаўляецца да чаго-небудзь» або «тое, што прыкладаецца да якога-небудзь падпіснога выдання». Гэта, напрыклад, дадатак да праграмы або часопіса, а не сама праграма.
А слова прыкладанне мае зусім іншы сэнс — напрыклад, прыкладанне намаганняў або сіл. Таксама, у граматычнай базе Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі гэтае слова фіксуецца толькі ў адзіночным ліку — і гэта лагічна, бо нельга «прыкладаць» нешта ў множным ліку.
Па-трэцяе, у гласарыях Google, Samsung, Microsoft і іншых кампаній дадатак пазначаны як пераклад слова add-on, слова прыкладанне там наогул адсутнічае, а праграма пазначана як пераклад слова application. Напрыклад, у краме Google Play раздзел з праграмамі (Apps) называецца менавіта «Праграмы».
Калі вы ўсё ж лічыце дадатак дакладным перакладам, то як бы вы пераклалі, напрыклад, application processor або application layer? Як дадатковы працэсар і дадатковы ўзровень?


English
Русский
Каментарыяў няма.